Размова не столькі пра сумяшчэнне і кругласутачную працу, колькі пра адаптацыю да новых умоў, партнёрства і гнуткасць. Напрыклад, вы будуеце каркасныя дамы. Фабрыка праіндэксавала цэны, і перадаплаты ад кліентаў ужо не хапае на закупку матэрыялаў: ваша эканоміка не сыходзіцца. Як быць?
Можна кампенсаваць розніцу са сваіх грошай і пазбавіцца фінансавай падушкі і перспектыў. Можна павесіць розніцу на кліентаў, але застацца без іх ды з дрэннай рэпутацыяй. Аптымальны варыянт — у кампрамісе. Кліентам можна даць растэрміноўку плацяжоў, з пастаўшчыкамі таксама можна дамовіцца на растэрміноўку і фіксацыю закупачнага кошту ў рублях хаця б на нейкі час.
Калі вы працуеце па-найме, зарплата не індэксуецца, а нацыянальная валюта слабее, з часам справы могуць пайсці туга. Яшчэ ўчора вы зараблялі запаветныя 500 долараў, сёння — 400, а заўтра — 300. І хоць у рублях сума не зменіцца, пакупная здольнасць гэтых грошай, хутчэй за ўсё, зменшыцца, бо за курсамі валют падцягнуцца цэннікі, і той сумы, якой хапала на месяц+, можа не хапіць на два тыдні.
У такі час важна ўмець не толькі эканоміць, але і больш зарабляць. Пагаварыце з кіраўніцтвам аб павелічэнні зарплаты — абавязкова ў кантэксце дадатковай карысці, якую вы можаце прынесці. Толькі за прыгожыя вочы, як правіла, больш не плацяць, таму прапануйце самі, што яшчэ можаце рабіць для кампаніі. Так, каб больш зарабіць, давядзецца больш папрацаваць — гэта нармальна.